У Гродне мясцовыя “ідэолагі” хацелі сарваць канцэрт “Рэха” і Шалкевіча

У дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага 2 лютага ў Гродне адбыўся канцэрт гурта “Рэха” і барда Віктара Шалкевіча. Аднак яго спрабавалі сарваць прадстаўнікі ідэалагічных службаў, міліцыянты і выратавальнікі.
За гадзіну да пачатку імпрэзы яны з’явіліся ў прыватнае памяшканне і заявілі, што канцэрт не можа адбыцца з-за нейкіх парушэнняў заканадаўства.





























Вось што распавёў Еўрарадыё адзін з арганізатараў, актывіст руху “За свабоду” Павел Мажэйка:

“Зразумела было, што іх мэта - сарваць канцэрт. Але прыйшло досыць шмат людзей – чалавек 150-170, была поўная зала. І, відавочна, “госці” не захацелі правакаваць сітуацыю, накаляць атмасферу.

Я пісьмова даў тлумачэнні, што бяру ўсю адказнасць на сябе за тое, што адбываецца падчас канцэрта. Іх гэта задаволіла і яны сышлі. Паабяцалі, што ў панядзелак будуць нейкія наступствы для мяне, арганізатараў канцэрта. Але самае галоўнае, што канцэрт адбыўся”.




Адзначым, што ўчорашнім канцэртам у Гродне распачалася рэгіянальная кампанія “Год дзяржаўнасці-2008”, якая праходзіць у рэчышчы агульнанацыянальнага святкавання 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

2 лютага было абранае для яе старта не выпадкова – у гэты дзень адзначаліся 170-я ўгодкі з дня народзінаў нацыянальнага героя Беларусі Кастуся (Вікенція Канстанціна) Каліноўскага (1838 - 1864). У гродзенскі аргкамітэт увайшлі рух “За Свабоду”, гарадская філія Партыі БНФ, “Малады фронт” і яшчэ шэраг моладзевых арганізацый.


Фота Сяргея Апановіча

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі