У Гродне пачаўся суд па гучнай справе аб інсцэніроўках ДТЗ
11 снежня ў Гродне пачаўся суд па гучнай справе аб інсцэніроўках дарожна-транспартных здарэнняў. Па ёй праходзяць 24 абвінавачаных. Артыкул — “махлярства, здзейсненае паўторна, у буйным памеры, арганізаванай групай”, інфармуе БЕЛТА.
Суд Кастрычніцкага раёна Гродна разгледзіць 34 тамы крымінальнай справы. У 2015-2016 гадах арганізаваная група рыхтавала аўтамабілі і інсцэніравала ДТЗ. Каб атрымаць страхавыя выплаты ў максімальных памерах, падбіраліся машыны прадстаўнічага класу. Таксама яны шукалі кіроўцаў, якія заяўлялі пра сваю віну ў аўтааварыях. Сярод дзясяткаў зламыснікаў — жыхары Гродна і Гродзенскай вобласці. Выкрылі іх выпадкова. Следства падлічыла, што страты ад дзейнасці групы склалі больш за 158 тысяч рублёў.