У Гродне прадалі даваенны Дом афіцэраў
Дом афіцэраў у Гродне / planetabelarus.by
У Гродне на аўкцыёне 28 красавіка прадалі будынак былога Дома афіцэраў, паведамляе тэлеканал "Гродна+".
Аб'ект некалькі разоў выстаўлялі на продаж, але пакупніка не было. Пасля некалькіх няўдалых аўкцыёнаў будынак вырашылі прадаць за 1 базавую велічыню (32 рублі). Аднак падчас таргоў цана ўзрасла да 239 тысяч рублёў — амаль у 7,5 тысячы разоў.
На гэтым месцы павінен з'явіцца аб'ект грамадскага прызначэння.
Дом афіцэраў быў пабудаваны ў сярэдзіне 1920-х і стаў першым у Гродне будынкам у стылі канструктывізму. Першы каменны блок у падмурак паклаў тагачасны прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі.
Пры Саветах будынак выкарыстоўваўся як гарнізонны Дом афіцэраў. Тут была адна з галоўных канцэртных пляцовак горада. Напрыканцы 1960-х да будынка прыбудавалі канцэртна-тэатральную залу на 800 месцаў, а таксама спартыўна-гімнастычны комплекс (у ім, дарэчы, трэніравалася чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Вольга Корбут).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.