У Гродне — прэзентацыя кнігі пра катоў Папы Рымскага

Гродзенскі журналіст і празаік Сяргей Астраўцоў прадстаўляе сёння ў Гродне сваю пятую кнігу. Яна называецца “Каты Ёзафа Рацтынгера”. У кнізе змешчаны апавяданні, эсэ, зацемкі і рэпартажы з Гродна, якія ў розны час друкаваліся на старонках газеты “Наша Ніва”. Канцэпцыя кнігі трымаецца на трох асноўных апавяданнях.

Першае апавяданне — “Цыферблат”, пра гродзенскія гадзіннікі розных часоў. Другое — “Савецкае шампанскае”. У ім апісваецца атмасфера прэзідэнцкіх выбараў 2001 года, дэмакратычным кандыдатам на якіх быў гродзенец Сямён Домаш. Трэцяе апавяданне, “Нямецкі Папа”, прысвечана Ёзафу Ратцынгеру.

Сяргей Астраўцоў: “Назва кнігі грунтуецца на назве трэцяга апавядання “Нямецкі Папа”. Калі памёр папа Ян Павел ІІ і адбываліся выбары новага Папы, мяне вельмі гэтая падзея цікавіла. З асаблівым задавальненнем я даведаўся, што кардынал Ёзаф Рацынгер таксама вельмі любіць катоў. І ў яго жылі два каты там, у Ватыкане. Калі ён стаў Папам, манашкі чамусьці забаранілі ўзяць гэтых катоў у рэзідэнцыю”.

Самае старое апавяданне ў кнізе называецца “Мытыя яблыкі”. Яно друкавалася ў 1991 годзе ў першым нумары адноўленай газеты “Наша Ніва”. У ім паўстаюць падзеі 1968 года ў Чэхаславаччыне. Апошні тэкст кнігі датуецца 2007-м годам — гэта кароткае эсэ “Рымскае варэнне з Крэйдавых гор”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі