У Гродне ўпершыню прайшлі баі аўтагладыятараў (фота, відэа)
Шоў "Аўтагладыятары" ўпершыню прайшло ў Гродне на адкрытай пляцоўцы для картынгу каля КБМ 18 кастрычніка. У ім прынялі ўдзел больш за 13 аўтамабіляў. Доўжылася шоў больш за дзве гадзіны.
Аўтабаi правялі прафесійныя кіроўцы на спецыяльна падрыхтаваных аўтамабілях марак "Жыгулі" і "Ніва". Агулам было пяць бітваў, дзе кіроўцы спаборнічалі адзін на адзін, адзін супраць двух, парамі і кожны за сябе ў фінале.
Загадзя з аўтамабіляў знялі шкло, фары і лішнія сядушкі. Для бяспекі аўто абсталявалі адмысловымі крэсламі, рамянямі бяспекі і каркасамі. Трыбуны для гледачоў ад поля бітвы агарадзілі бетоннымі блокамі. Паводле правілаў, трэба было пазбягаць лабавых сутыкненняў і ўдараў у дзверы кіроўцы.
Лепшым "аўтагладыятарам" стаў прафесійны гоншчык Аляксей Ткачонак на "Жыгулях". Ён пратрымаўся ў фінальным паядынку даўжэй за ўсіх. Пераможцу, яго аўтамабіль і трафеі падчас узнагароджання аблілі шампанскім.