У Гродне звальняюць актрысу, якая падтрымала звольненых калег

У Гродне звальняюць актрысу, якая падтрымала звольненых калег

З актрысай Гродзенскага драмтэатра Аксанай Плікус не працягваюць кантракт. Пра гэта жанчына даведалася 26 лютага. Дапрацаваць у тэатры ёй дадуць да 31 сакавіка, піша TUT.by.

Пра тое, што з ёй не працягваюць кантракт, Аксана Плікус даведалася 26 лютага. Яшчэ месяц актрыса будзе служыць у тэатры, 31 сакавіка стане яе апошнім працоўным днём у Гродзенскай драме.

Аксана Плікус — магістр мастацтвазнаўства, майстар сцэны, мае дыпломы і прызы розных тэатральных фестываляў. У Гродзенскім драмтэатры яна грае ключавыя ролі ў спектаклях, у яе рэпертуары больш за 50 роляў. Актрыса адпрацавала ў гэтым тэатры амаль 29 гадоў.

За ўвесь час працы ў яе не было ніякіх адміністрацыйных спагнанняў. Але за апошнія два месяцы з'явіліся дзве вымовы.

Плікус кажа, што пасля акцыяў пратэсту ўсіх актораў абавязалі прыходзіць на працу а 10-й гадзіне раніцы, хаця ніякіх рэпетыцый не было. Жанчына спазнілася на 20 хвілінаў, калі ў яе дома прарвала трубу, а папярэдзіць адміністрацыю яна не паспела. За гэта атрымала першую вымову.

"На пачатку лютага я і яшчэ двое маіх калег напісалі заяву на кароткачасовы адпачынак за свой кошт — хацелі ўдзельнічаць у праекце творчага руху "Асобы", але нам не падпісалі паперы, тады мы самі сышлі на тры гадзіны ўвечары. У той момант зала і грымёркі тэатра былі арандаваныя, мы ж павінны былі проста быць у памяшканнях. Вядома, атрымалі вымовы. Плюс мяне цалкам пазбавілі прэмій і даплат за месяц. Усё гэта стала фармальнай падставай для таго, каб са мной не працягнулі кантракт", — распавядае акторка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі