У інтэрнаце мінскай ВНУ забілі хлопца, які прыйшоў на "размову" з-за дзяўчыны

У інтэрнаце мінскай ВНУ забілі хлопца, які прыйшоў на "размову" з-за дзяўчыны

У інтэрнаце ў Мінску ўвечары 12 лістапада забілі хлопца. У забойстве падазраюць 18-гадовага студэнта другога курса, яго затрымалі, інфармуе прэс-служба Следчага камітэта. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэта замежнік. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Забойства" (ч. 1 арт. 139).

Як даведалася Еўрарадыё, здарэнне адбылося ў інтэрнаце Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Забіты — 21-гадовы Аляксей К. — адслужыў у арміі, скончыў каледж будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі і працаваў у "Мінгазе". У яго было шмат сяброў, а на старонцы "ВКонтакте" пазначана, што ён знаходзіўся ў адносінах з дзяўчынай.

У інтэрнаце мінскай ВНУ забілі хлопца, які прыйшоў на "размову" з-за дзяўчыны
Загінулы — Аляксей К. — справа. Фота: "ВКонтакте"
У інтэрнаце мінскай ВНУ забілі хлопца, які прыйшоў на "размову" з-за дзяўчыны
Загінулы — Аляксей К. — злева. Фота: "ВКонтакте"

Следчы камітэт паведамляе, што падазраваны — 18-гадовы студэнт Рустам Р. — быў у стане алкагольнага ап'янення. У яго ўзнік канфлікт з 21-гадовым жыхаром Мінска — гэта быў Аляксей К. Студэнт нанёс апошняму ўдары. Малады чалавек атрымаў цялесныя пашкоджанні і пазней памёр у бальніцы. Следчыя апыталі сведкаў (па некаторай інфармацыі, у міліцыю завезлі каля дзясятка студэнтаў), высвятляюць матывы зламысніка. Была знойдзена і "меркаваная прылада забойства", якую аднак не называюць.

Еўрарадыё звязалася са студэнтам акадэміі, які распавёў, што забойства здарылася з-за дзяўчыны. Малады чалавек прыйшоў на "размову" з яе колішнім хлопцам, але спакойна высветліць адносіны не атрымалася. Пачалася бойка, якая скончылася забойствам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі