У інтэрнэце збіраюць подпісы пад заявай у суд на прэс-сакратара Мінабароны
Праціўнікі вайсковых парадаў у Мінску збіраюць у інтэрнэце подпісы пад калектыўным зваротам у суд. Яны хочуць судзіцца з прэс-сакратаром Міністэрства абароны палкоўнікам Уладзімірам Макаравым.
Як паведамляла Еўрарадыё, на прэс-канферэнцыі 26 чэрвеня прадстаўнік Мінабароны назваў тых, хто выступае супраць параду, ідэйнымі нашчадкамі фашысцкага гаўляйтара Вільгельма Кубэ, які кіраваў Беларуссю падчас акупацыі.
У звароце, змешчаным у інтэрнэце з гэтай нагоды, падкрэсліваецца: "Выступаючы як прэс-сакратар, Уладзімір Макараў прадстаўляў не сваё асабістае меркаванне, а пазіцыю міністэрства. Гэтае выказванне глыбока абражае тых, хто выступае супраць правядзення вайсковых парадаў у горадзе, кіруючыся выключна пытаннямі рацыянальнага выдаткавання бюджэтных сродкаў і бяспекай людзей".
Ініцыятары мяркуюць падаць калектыўны пазоў аб абароне гонару і годнасці і запатрабаваць ад прэс-сакратара Мінабароны публічна прынесці прабачэнні.