У Іране рэжысёра асудзілі на 8 гадоў за фільм, а ў Канах за яго далі прыз

Рэжысёр Махамад Расулаф уцёк з Ірана 

Рэжысёр Махамад Расулаф уцёк з Ірана  / @rubanau_collage

Чарговая навіна пра масавую гібель людзей ад раз’юшанай стыхіі ўражвае тым, што хуткасць і тэхналогіі XXI стагоддзя распаўсюджваюцца не на ўсіх насельнікаў Зямлі. На поўдні Францыі завяршыўся знакаміты кінафестываль — і акрамя гламурных убораў і гучных прэм’ер ён адзначыўся палітычнымі сенсацыямі.

А ў вінаробным рэгіёне Аўстрыі ўсё стала на паўзу праз незвычайную знаходку — аказалася, што там, дзе цяпер вырабляюць рыслінгі, калісьці трапілі ў пастку маманты.


2 тысячы чалавек пахаваныя жыўцом

У адной з самых бедных краін Азіі здарылася жудасная трагедыя. На вёску Ямбалі ўначы сышоў апоўзень. Дамы апынуліся пад тонамі камянёў і бруду.

Гэтая вёска знаходзіцца ў аддаленым раёне краіны, там няма сотавай сувязі і інтэрнэта, і дагэтуль ідуць войны між плямёнамі. Паводле некаторых звестак, у Ямбалі жыло 4 тысячы чалавек. Улады паведамілі, што апоўзень накрыў каля 2 тысяч з іх, то-бок палову вёскі.

У Іране рэжысёра асудзілі на 8 гадоў за фільм, а ў Канах за яго далі прыз
Вяскоўцы ратуюць сваякоў / Mohamud Omer/International Organization for Migration/AP

Тыя, хто выжыў, літаральна голымі рукамі і палкамі разграбаюць 8-метровы схіл гары, каб выратаваць сваякоў. І існуе рызыка новага апоўзня.

Папуа-Новая Гвінея звярнулася па міжнародную дапамогу. Місіі выратавальнікаў перамяшчаюцца па краіне ў суправаджэнні ваенізаванай аховы.


У Канах узнагародзілі рамантычную камедыю пра сына расійскага алігарха

Залатую пальмавую галіну далі фільму “Анора” амерыканскага рэжысёра Шона Бэйкера.

Ён апавядае гісторыю кахання стрыптызёркі і сына расійскага алігарха. Карацей, варыяцыя на тэму “Папялушкі”, толькі з драматычным налётам рускіх у Нью-Ёрку і непрадказальным фіналам.

Але сапраўднай сенсацыяй стаў фільм “Усё, што мы ўяўляем як святло” (All We Imagine as Light) рэжысёра Паяла Кападыі з Індыі. А справа ў тым, што гэта гістарычная перамога для гэтай краіны — Індыя ўпершыню ўдзельнічала ў галоўным конкурсе фестывалю за апошнія 30 гадоў. І адразу ўзяла гран-пры!

А яшчэ адной падзеяй стаў візіт іранскага рэжысёра Махамада Расулафа. Ён атрымаў спецыяльны прыз журы і прэмію Міжнароднай асацыяцыі кінапрэсы за фільм "Семя свяшчэннага інжыра". 

Расулаф уцёк з Ірана, дзе яму прысудзілі 8 гадоў турмы — за “змову супраць нацыянальнай бяспекі”, але фактычна — за творчасць, у тым ліку, за ўганараваную ў Канах стужку. Іранскія ўлады перашкаджалі здымкам фільма і патрабавалі зняць яго з пракату. Цяпер жа яго працу пабачаць як мінімум у 50 краінах свету, якія набылі правы на пракат.

Вінар з Аўстрыі знайшоў косткі маманта

На артэфакты з дагістарычных часоў натрапіў вінар з Гобельсбурга. Ён проста рамантаваў скляпенне пры сваім доме — а цяпер там вядуць раскопкі даследчыкі з Аўстрыйскай акадэміі навук.

Вінар адкапаў косткі маманта, узрост якіх папярэдне ацэньваецца ў 30-40 тысяч гадоў. Навукоўцы лічаць гэта сенсацыяй і самай значнай знаходкай за апошнія 100 гадоў! Там, дзе аўстрыец захоўваў віно, маманты, імаверна, патрапілі ў пастку — бо, мяркуючы па костках, іх было мінімум тры.

Апошні раз навукоўцам такія косткі трапляліся ажно 150 гадоў таму. Тады іх немагчыма было даследаваць так, як гэта можна зрабіць сёння, з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій.

Ну а пакуль навукоўцы паціраюць ручкі ў прадчуванні адкрыццяў, вінар вымушаны прыдумляць, дзе захоўваць віно.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі