У Італіі застрэліўся 15-гадовы сын беларускі — верагодна, праз булінг
Пахаванне Леанарда К.
У італьянскай камуне Сенігалія загінуў 15-гадовы Леанарда К. Паводле медыяў, напярэдадні ён жаліўся бацькам на булінг у школе. Не дачакаўшыся дапамогі хлопец скраў з сейфа пісталет бацькі, які служыць у паліцыі, і застрэліўся.
Ад нядаўняга часу Леанарда вучыўся ў інстытуце гатэльнага абслугоўвання імя Панціні. Ён распавядаў пра цкаванне з боку трох аднакласнікаў і адсутнасць рэакцыі на гэта настаўнікаў, якія пра ўсё ведалі.
Бацькі хлопца жывуць асобна, аднак абодва клапаціліся пра сына. Тата працуе ў паліцыі. Мама — бухгалтар па адукацыі, нарадзілася ў Мінску але даўно жыве ў Італіі.
У панядзелак 14 кастрычніка бацькі мусілі ісці ў школу на размову з кіраўніцтвам пра перавод сына ў іншую навучальную ўстанову. Аднак раніцай 13-га Леанарда знайшлі мёртвым.
Па факце гібелі 15-гадовага школьніка паліцыя завяла крымінальную справу аб давядзенні да самагубства. Вядзецца расследаванне.
Выпадак ускалыхнуў усю Італію, а дыскусія аб праблеме школьнага булінгу набыла новы маштаб. Грамадскасць дыскутуе пра тое, як падлеткам пазбавіцца ад цкавання аднагодкаў і што трэба рабіць, каб прадухіліць такую з'яву.
У Сенігаліі была аб'яўлена агульнагарадская жалоба. На пахаванне хлопчыка прыйшло шмат жыхароў і кіраўніцтва горада.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.