У Іванаўскім раёне з 316 тэстаў на каранавірус 8 далі станоўчы вынік
Стала вядома статыстыка пра сітуацыю з распаўсюдам каранавіруса ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Днямі ў сацсетках пачала з'яўляцца трывожная інфармацыя пра дзясяткі шпіталізаваных у Іванава з "двухбаковай пнеўманіяй", пераважна праваслаўных і пратэстанскіх вернікаў. Падазраваўся каранавірус. Хадзілі чуткі пра адсутнасць тэстаў у мясцовай бальніцы і ўспышку COVID-19 у іванаўскай радзільні.
Відаць, каб супакоіць людзей, на сайце раённай газеты "Янаўскі край" галоўны лекар цэнтральнай раённай бальніцы Юрый Ільюшчанкоў агучыў статыстыку. На 5 траўня ў згаданай бальніцы правялі 316 тэстаў на каранавірус, з іх станоўчымі былі 8. Гэта амаль 3% ад праведзеных тэстаў, па Беларусі цяпер — 8,7%.
Мясцовыя жыхары з COVID-19 лечацца і ў інфекцыйным шпіталі, і дома. Ільюшчанкаў сцвярджае, што стан іх стабільны, патрэбы ў апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх ніхто не мае. Пад назіраннем знаходзяцца 15 кантактаў першага ўроўню і 72 кантакты другога ўзроўню.
У студзені-красавіку 2020-га ў Іванаўскім раёне было 162 выпадкі пнеўманій, летась — 226. У канцы красавіка назіраўся іх рост, у тым ліку і вірусных. З такім дыягназам у бальніцы ў Іванаве знаходзяцца 85 чалавек.
Статыстыка па рэгіёнах Міністэрствам па ахове здароўя агучваецца рэдка, апошні раз — 24 красавіка. Вядома, што ў канцы мінулага месяца за пяць дзён колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 на Брэстчыне павялічылася ўдвая. Каранавірус быў у 681 чалавека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.