У кавярнях і рэстаранах Брэста забаранілі адзначаць Хэлоўін
Падлетак на Хэлоўіне
У кавярнях і рэстаранах чыноўнікі забаранілі праводзіць вечарыны, прымеркаваныя да Хэлоўіна.
Беларускія чыноўнікі ўжо працяглы час ваююць з "няправільнымі", заходнімі святамі кшталту Хэлоўіна і Дня святога Валянціна.
Журналісты BGmedia пагаварылі з супрацоўнікамі сферы грамадскага харчавання ў Брэсце. Тыя расказалі, што напярэдадні свята ў кавярні і рэстараны прыйшлі праверкі, якія забаранілі нават хэлоўінскую атрыбутыку.
"Так, атрымалі ўсе п***ы за афармленне. Ніякіх згадак свята, жахалак і тэматычных гарбузоў. "Медузе" на Савецкай прыгразілі закрыццём за грандыёзную вечарыну — давялося адмяніць", — кажа адзін з суразмоўцаў. Яшчэ адна работніца гэтай сферы кажа, што праверка забараніла нават ставіць гарбузы, каб не выклікаць асацыяцый з Хэлоўінам.
Пры гэтым, кажа адна з брастаўчанак, забарона не закранула крамы адзення: "Самае цікавае, што я літаральна на днях была ў краме адзення і там усё было ўпрыгожана да Хэлоўіна. Магчыма, забарона закранула толькі кропкі грамадскага харчавання — хадзілі з праверкамі, і я ведаю, што па шапках давалі за звычайныя гарбузы".
Работнік мінскага рэстарана ў гутарцы з BGmedia паведаміў, што нічога не чуў пра забарону Хэлоўіна. Але малады чалавек прызнаўся, што "па адчуваннях, у горадзе, ва ўстановах як быццам менш за ўсё гэтага стала".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.