У Кіеве арганізатара "Несмяротнага палка" аблілі зялёнкай і фекаліямі
У Кіеве 9 траўня прайшлі некалькі акцыяў, прымеркаваных да Дня Перамогі над нацызмам.
Афіцыйныя мерапрыемствы пры ўдзеле кіраўніцтва дзяржавы традыцыйна адбыліся на тэрыторыі Нацыянальнага музея гісторыі Украіны ў Другой Сусветнай вайне, перадае Радыё "Свабода". Навабранцы Узброеных сілаў краіны ўрачыста далі тут прысягу. У сваёй прамове ўкраінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка адзначыў: "На жаль, не перавяліся яшчэ маньякі, гатовыя паставіць свет на мяжу ўжо трэцяй сусветнай вайны. І яны тут, непадалёк, што ад нас патрабуе асаблівай пільнасці і адказнасці".
Таксама кіраўнікі Украіны ўсклалі кветкі да Мемарыялу славы, які знаходзіцца за квартал ад музея.
Праз гадзіну да гэтага ж помніка прыйшлі ўдзельнікі акцыі "Несмяротны полк". Сёлета іх сабралася каля паўтары тысячы чалавек, у іх ліку былі дэпутаты парламента ад фракцыі "Апазіцыйны блок" Нестар Шуфрыч і Вадзім Навінскі.
Расійскі дыпламат, кіраўнік кіеўскага прадстаўніцтва агенцтва "Россотрудничество" Канстанцін Вараб'ёў не змог прыняць у ёй удзел. Прадстаўнікі ўкраінскай праварадыкальнай арганізацыі С14 (Січ) аблілі яго зялёнкай і фекаліямі. Паводле іх інфармацыі, Вараб'ёў быў спонсарам акцыі "Несмяротнага полку", за ўдзел у якой украінцам прапаноўвалі па 400 грыўняў (каля 15 долараў у эквіваленце).
Хаця напярэдадні Нацыянальная паліцыя папярэджвала пра забарону ўжывання на акцыях камуністычнай сімволікі і "георгіеўскіх" стужак, некаторыя гэта праігнаравалі. У выніку праваахоўнікі затрымалі і тых, хто прыйшоў з "георгіеўскай" стужкай, і тых, хто спрабаваў яе вырваць. На ўсіх складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.
Агулам, па звестках Нацыянальнай паліцыі, затрымалі сем асобаў, у тым ліку тых, хто спрабаваў прайсці на акцыю са зброяй.