У кітайскай кампаніі скралі запчасткі для лініі электраперадач да Беларускай АЭС
У вёсцы Шчопаны Смаргонскага раёна невядомы абакраў кітайскую кампанію, якая будуе лінію электраперадач для Беларускай атамнай электрастанцыі. Паводле інфармацыі kraj.by, здабычай зламысніка сталі 14 металічных вугалкоў коштам 1200 рублёў. Выявілі крадзеж 14 лютага.
Начальнік Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта Андрэй Рэзін паведаміў, што заяву ў міліцыю напісаў супрацоўнік кампаніі Джуаль Лі. Лінію электраперадач да АЭС кітайцы вядуць праз Смаргоншчыну на мяжы з Ашмянскім раёнам. Будаўнічая пляцоўка не ахоўваецца, што і паспрыяла крадзяжу.
Смаргонскі райаддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу па факце крадзяжу. Максімальнае пакаранне, якое пагражае зламысніку, — тры гады пазбаўлення волі.