У крамах Брэста і Гомеля прадаваліся тавары з сімволікай Трэцяга рэйха
У студзені 2019 года ў крамах ТАА "ЕўрашопБел" у Брэсце і Гомелі пакупнікі заўважылі тавары з нацысцкай сімволікай, паведамляе прэс-служба МУС.
На продажы былі выстаўленыя дэкаратыўныя пано з выявай герба Германіі часоў Трэцяга рэйха (чорны арол, які трымае ў лапах вянок са свастыкай). У МУС адзначаюць, што такая сімволіка ўключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
"Таму ўвесь забаронены тавар быў канфіскаваны, а ў дачыненні да кіраўнікоў аб'ектаў гандлю складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Мяркуецца, што пано былі прывезеныя з Кітая", — удакладняе начальнік упраўлення ГУБАЗіК МУС Міхаіл Бедункевіч.
Суд у Гомелі з гэтай нагоды ўжо адбыўся. Загадчыка крамы прызналі вінаватым у распаўсюдзе, вырабе, захоўванні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць. Ён аштрафаваны на 6500 рублёў.
Суд у Брэсце пройдзе бліжэйшым часам.