У Літве на мяжы з Беларуссю пачалі будаваць патрульную дарогу
На першым этапе плануецца зрабіць 100 км дарогі / obzor.lt
У Літве ў панядзелак прыступаюць да работ па ўладкаванні патрульнай дарогі ўздоўж мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведамляе агенцтва BNS са спасылкай на літоўскае МУС. Мяркуецца, што дарога будзе шырынёй да 3,5 метраў. Яна будзе прыстасаваная для руху патрулёў пешшу, а таксама на пазадарожніках, квадрацыклах альбо іншай спецтэхніцы.
Па словах міністра ўнутраных спраў Агнэ Білатайтэ, дарога дапаможа больш эфектыўна кантраляваць дзяржаўную мяжу, хутчэй рэагаваць на парушэнні або выпадкі пашкоджання плота. "Інвестыцыі ў абарону мяжы акупляюцца не толькі за кошт прадухілення незаконнай міграцыі, але і за кошт барацьбы з кантрабандай“, – адзначыла міністр.
На першым этапе плануюць зрабіць каля 100 кіламетраў дарогі. Але “калі будзе дадатковае фінансаванне, працы па пракладцы патрульнай сцежкі працягнуцца яшчэ на 253-кіламетровым участку мяжы з Беларуссю“, гаворыцца ў паведамленні міністэрства. На дадзены момант на ўладкаванне дарогі выдзелены каля 10 мільёнаў еўра. 75% гэтай сумы – гэта сродкі ЕС, астатняя частка фінансуецца з літоўскага бюджэту.
Адзначым, што ўся працягласць мяжы Літвы з Беларуссю складае 679 кіламетраў, з іх больш за 100 кіламетраў праходзіць па берагах рэк і азёр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.