У Лукашэнкі абмяркоўваюць дарожны збор: мы ўбухалі каля 10 мільярдаў!
16 лістапада ў Аляксандра Лукашэнкі праходзіць нарада, на якой абмяркоўваюць пытанне ўдасканалення спагнання дарожнага збору (за допуск да дарожнага руху). Ён у чарговы раз даручыў вызначыцца з новым механізмам яго выплаты.
"Дарэчы, за апошнія 10 гадоў на рамонт і ўтрыманне дарог мы ўбухалі каля 10 мільярдаў рублёў, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Але ў адрозненне ад суседніх краін нават найбуйнейшыя хуткасныя магістралі мы не зрабілі платнымі для беларускіх легкавых аўтамабіляў".
На нарадзе было агучана, што агульная працягласць дарожнай сеткі ў нашай краіне складае амаль 90 тысяч кіламетраў, зарэгістравана больш за 4,5 млн аўтамабіляў.
Спасылаючыся на даклады, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларусы зусім не супраць аплачваць дарожны збор, "спрэчкі... выклікае сам механізм аплаты".
Дарожны збор дзейнічае ў Беларусі з 2014 года. Летам сёлета Лукашэнка распарадзіўся адвязаць "дарожны збор" ад тэхагляду. Такое даручэнне атрымаў урад. Там над змяненнем парадку выплаты дарожнага збору працуюць ужо амаль тры гады. Закон, які адвязвае "дарожны збор" ад тэхагляду, дагэтуль не прыняты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.