У Ляхавічах падазраванага ў хабары затрымлівалі са стралянінай

У Ляхавічах падазраванага ў хабары затрымлівалі са стралянінай

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на 55-гадовую дырэктарку Ляхавіцкага кансервавага завода, піша intex-press.by. Яе падазраюць у замаху на атрыманне хабару пры пасярэдніцтве 26-гадовага сына.

Па словах жыхароў горада, затрыманне адбылося 7 снежня. Мясцовы жыхар Пётр стаў відавочцам затрымання, якое адбылося на вуліцы Інтэрнацыянальнай. "Каля шостай гадзіны вечара я ехаў дадому на ровары. Гляджу, машына прама на мяне нясецца. Я з ровара саскочыў і — убок. Следам за ёй — яшчэ адна. Яна была звычайная, без маячкоў, але з яе ішоў гук уключанай сірэны. Я перапалохаўся, ехаць далей не наважыўся. Яны і ад'ехаць толкам не паспелі, як у другой машыне адчынілася акно, а адтуль мужчына з пісталетам вылез па пояс. І страляць пачаў. Па колах", — распавядае сведка.

Мужчына пазнаў, што першай ехала машына сына дырэктаркі завода: дарагі пазадарожнік Audi ў Ляхавічах заўважны. Паводле чутак, на ўскраіне горада сын дырэктаркі сустрэўся з іншым мужчынам, і хтосьці з іх штосьці перадаў другому. Да абодвух адразу падскочылі міліцыянты. Мужчына адразу здаўся, а сын дырэктаркі спрабаваў уцячы, распавядаюць жыхары Ляхавічаў. 

У той жа дзень, кажуць яны, была затрыманая дырэктарка завода. Дарэчы, сын працаваў пад кіраўніцтвам маці — быў інжынерам па тэхніцы бяспекі. 

11 снежня на заводзе прызначылі выканаўцу абавязкаў дырэктара.

А 19 снежня Следчы камітэт паведаміў у сацсетках, што дырэктарка завода і яе сын узятыя пад варту.

Як адзначыла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, падазраванымі па справе праходзяць таксама тры мінчукі, якія дзейнічалі ў інтарэсах камерцыйных структур. Іх падазраюць у замаху на дачу хабару і замаху на пасярэдніцтва ў хабарніцтве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі