У Магілёве 45 грамадзян пратэстуюць супраць святлодыёднага экрана
У Магілёве 45 грамадзян напісалі калектыўны зварот у Камітэт дзяржкантролю з просьбай абараніць іх ад рэкламы, якая штодня цягам 16 гадзін даносіцца са святлодыёднага экрана, які ўсталяваны каля гандлёвага цэнтра “Прэстан”.
Пад калектыўным зваротам падпісаліся жыхары двух дамоў па Пушкінскім праспекце, 39 і вуліцы Астроўскага, 15. Грамадзяне таксама напісалі скаргі і заявы ў гарвыканкам, гарсвет і санстанцыю.
Сітуацыю каментуе жыхарка дому нумар 39 па вуліцы Астроўскага Юлія Чаркас:
“Насупраць нашага дома ўсталяваны святлодыёдны экран, які 16 гадзін у суткі без перапынку паказвае рэкламныя ролікі з успышкамі. Асабліва калі пачынае цямнець, экран свеціць у вокны. Гэта наносіць шкоду нашаму псіхалагічнаму здароўю. Мы не можам ад гэтай рэкламы нікуды схавацца. Гэта здзек над намі. Экран пачынае працу а 9-ай раніцы і выключаюць яго а 22-ой, а часам і а 23-яй гадзіне”.
Святлодыёдны экран, па якім штодня пракручваюць рэкламныя ролікі, з’явіўся каля трох месяцаў таму і належыць прыватнаму прадпрымальніку. Той у сваю чаргу кажа людзям, што на ўсталяванне экрана ў яго ёсць усе неабходныя дакументы.