У Магілёве аднавілася будаўніцтва корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта

Каб “размарозіць” будаўніцтва корпуса, актывіст кампаніі “Гавары праўду” Аляксей Паўлоўскі сабраў пад зваротам каля 300 подпісаў студэнтаў БРУ і гараджан. Подпісы выслалі ў Савет Міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства адукацыі. Расказвае грамадскi актывiст Аляксей Паўлоўскі:

“Я сам будаўнік, і мне прыкра глядзець, як дзесяцігоддзямі нашы чыноўнікі не б’юць палец аб палец, каб зварухнуць будаўніцтва корпуса БРУ з мёртвай кропкі. Асабліва, калі гэтая будоўля знаходзіцца ў цэнтры горада ў 200 метрах ад якой Адміністрацыя Ленінскага раёна Магілёва і Магілёўскі аблвыканкам. Прыйшлося нагадаць чыноўнікам, што гэтая ВНУ тэхнічная, і яна рыхтуе спецыялістаў як для Беларусі, так і для Расіі!”

Пад патрабаваннем “размарозіць” будоўлю ўніверсітэцкага корпуса актыўна падпісваліся і замежныя студэнты, у тым ліку, расіяне, туркмены і кітайцы.

Паўлоўскі кажа, што вынікамі збору подпісаў задаволены, бо яны прынеслі рэальную карысць і неўзабаве корпус універсітэта будзе дабудаваны.

Тым не менш, падчас збору подпісаў за сваю прынцыповую пазіцыю ў гэтым пытанні пацярпеў прафесар Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Валерый Беразіенка. Ён падтрымаў ініцыятыву Аляксея Паўлоўска і кампаніі “Гавары праўду” і паставіў свой подпіс пад тым, каб чыноўнікі больш актыўна шукалі сродкі для завяршэння даўгабуда, за што адміністрацыя ўніверсітэта не прадоўжыла з ім працоўны кантракт. Распавядае выкладчык Валерый Беразіенка:

“Была прыпыненая будоўля адміністрацыйнага корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Яна ствараала нязручнасці як выкладчыкам, так і студэнтам. Спачатку будоўля ішла нармальна, аднак затым усё замёрла. Пад ініцыятывай “Гавары праўду” падпісалася шмат студэнтаў. Я лічу, што гэты ліст прымусіў улады прыслухацца да пазіцыі студэнтаў і маёй думкі ў тым ліку, у выніку чаго будоўля аднавілася. Дзякуй Богу, што так адбылося — хай будуецца. Калі я падпісаўся пад гэтым зваротам, які быў накіраваны ў Савет Міністраў, то кіраўніцтва ўніверсітэта палічыла, што збор подпісаў арганізаваў я”.

Цяпер прафесар, які адпрацаваў больш за 50 гадоў у БРУ знаходзіцца на пенсіі.

Нагадаем, што будаўніцтва адміністрацыйнага корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта пачалася больш за 22 гады таму, але будоўля была “замарожаная” на ўзроўні цокальнага паверха. Так усё прастаяла да нашых дзён. Некалькі гадоў таму будоўля корпуса пачалася з новым імпэтам аднак зноў была прыпыненая.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі