У Магілёве асуджаная група ўдзельнікаў фінансавай піраміды "МММ-2011"

У Магілёве асуджаная група ўдзельнікаў фінансавай піраміды "МММ-2011"

У Магілёве асуджаная група ўдзельнікаў фінансавай піраміды "МММ-2011". Усе яны атрымалі працяглыя тэрміны зняволення.

Як інфармуе БЕЛТА, групу ачольваў жыхар Магілёва. У яе ўваходзілі двое жыхароў Оршы і Аршанскага раёна, а таксама адзін мінчук. У лютым 2012-га яны дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ад імя незарэгістраванай сацыяльнай фінансавай сеткі "МММ-2011". У выніку незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці згаданымі асобамі быў атрыманы даход у памеры больш за 2,8 трлн рублёў.

Сама структура піраміды была створана ў Расіі, пасля яе ячэйкі з'явіліся і ў нашай краіне. Яе ўдзельнікі ў залежнасці ад колькасці прыцягнутых укладчыкаў былі падзелены на "дзясятнікаў", "сотнікаў", "тысячнікаў", "дзесяцітысячнікаў". Для рэкламы "МММ-2011" выкарыстоўвалі інтэрнэт-сайт. Справаздачы адпраўляліся з дапамогай інтэрнэта і тэлефоннай сувязі.

Жыхар Магілёва быў "дзесяцітысячнікам", у яго ячэйцы было больш за 100 чалавек. Яго памочнікі былі "дзясятнікамі", кожны меў на сувязі больш чым па 10 чалавек.

Удзельнікаў беларускай "фінансавай піраміды" прызналі вінаватымі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Магілёвец атрымаў 6 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Жыхары Оршы і Аршанскага раёна асуджаныя на чатыры гады кожны, мінчук — на тры гады зняволення. Усе яны будуць адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю тэрмінам на 5 гадоў.

У даход дзяржавы са згаданых асобаў спагналі больш за 2,8 трлн рублёў. Прысуд яшчэ не набыў законную сілу.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі