У Магілёве на месцы мотатрасы хочуць пабудаваць гандлёвы цэнтр

Сёлета ўлетку магілёўцы даведаліся пра планы мясцовых уладаў пабудаваць гандлёвы цэнтр “Пяты элемент” на месцы “Экстрым-парка” (так прынята называць мясцовую трасу для мотакросу). Не дзіва, што месца, дзе знаходзіцца траса, прыцягнула расійскіх бізнесменаў — побач месціцца буйны спальны мікрараён Фаціна з добра развітай лагістыкай і інфраструктурай.

Мясцовыя ўлады паставілі ўладальніку сеткі крамаў “Пяты элемент” абавязковую ўмову — спачатку пабудаваць новы “Экстрым-парк” у іншай частцы горада, а ўжо потым пачаць будаўніцтва гандлёвага цэнтра. На дадзены момант найбольш імавернай пляцоўкай для новай мотатрасы з’яўляецца вёска Палавінны лог, якая знаходзіцца на мяжы горада і Магілёўскага раёна.

Тым часам спартоўцы незадаволеныя месцам пад новую трасу. Там адзін пясок і месца зусім не прывабнае для правядзення міжнародных спаборніцтваў, распавядае інструктар-метадыст па мотакросе Андрэй Кашкан:

“Ніякіх умоваў і гарантый мы не ведаем, і нам не цікава, каб траса была перанесеная ў іншае месца. Там падыходзячы рэльеф — спускі і пад’ёмы. Гэта адна з лепшых трас у Беларусі. Ёй 10 гадоў. Яшчэ будучы юнаком, я сам выступаў на гэтым месцы ў 1985 годзе. Калі пачалі шукаць месца для будаўніцтва мотатрасы, спыніліся тут, бо месца вельмі добрае — гэта пацвердзіць любы гоншчык”.

Андрэй кажа, што траса карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод спартоўцаў з іншых краін свету, у тым ліку Германіі, Латвіі, Украіны і Расіі.

“У гэтым відзе спорту, мотакросе, у нас выраслі два чэмпіёны Беларусі — гэта Раман Ермалаеў і Сяргей Кулажанка. Я свайго сына Яфіма прывёў у гэты спорт, калі яму было 4,5 гады. Ён у мяне займаў другія і трэція месцы. На гэтай трасе праводзіліся і міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку “Кубак СНД-2006”. Некалькі гадоў таму да трасы праяўлялі зацікаўленасць лыжнікі з магілёўскай школы алімпійскага рэзерву. Калі б там было праведзенае асвятленне, то яны б таксама там трэніравалі сваіх выхаванцаў”, — кажа Андрэй Кашкан.

Трэба адзначыць, што будаўніцтва чарговага гандлёвага цэнтра ў Магілёве запланаванае на сярэдзіну 2016 года. У яго мяркуюць укласці каля 260 мільярдаў рублёў. Аб’ект разлічаны на 30 тысяч квадратных метраў, у цэнтры размесцяцца крама бытавой тэхнікі, крамы брэндавых тавараў, а таксама кавярні, аптэка, пункт абмену валют ды паркоўка на 1000 месцаў. Новы гандлёвы аб’ект мусіць забяспечыць працай 300 чалавек.

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі