У Магілёве прадпрымальніка забетаніравалі ў гаражы
У Магілёве прадпрымальніка забетаніравалі ў гаражы. Высветлілася, што забойства было здзейснена праз канфлікт, які ўзнік з-за падзелу сумесна набытай нерухомасці.
Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца Упраўлення Следчага камітэта па Магілёве Аксана Салянюк, расследаванне крымінальнай справы ўжо завершанае. Пра знікненне прадпрымальніка стала вядома 21 траўня сёлета, калі ў міліцыю звярнулася 32-гадовая жыхарка Магілёва, яго жонка. Праз пяць дзён праваахоўнікі знайшлі на ўскраіне лесу рэчы зніклага. Стала зразумела, што адбылося злачынства.
Неўзабаве па падазрэнні ў яго здзяйсненні былі затрыманыя 40-гадовы і 48-гадовы жыхары абласнога цэнтра. Высветлілася, што яны прыехалі дахаты да прадпрымальніка, забілі яго, завалодалі залатымі вырабамі, мабільным тэлефонам на агульную суму крыху больш за 2 665 рублёў. Цела мужчыны было вывезена ў гараж аднаго з зламыснікаў, там яго закапалі і зацэментавалі.
Дзеянні абвінавачаных следства кваліфікавалі па артыкулах "разбой, здзейснены з пранікненнем у жыллё, групай асобаў, з прычыненнем цяжкага цялеснага пашкоджання" (ч. 3 арт. 207 КК), "забойства, спалучанае з разбоем, здзейсненае групай асобаў". Крымінальную справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.