У Магілёве затрымлівалі журналіста Алеся Асіпцова
Яго затрымалі каля прахадной завода "Магілёўхімвалакно" пры выкананні рэдакцыйнага задання.
Асіпцоў, які супрацоўнічае з шэрагам незалежных СМІ, паведаміў агенцтву БелаПАН, што выконваў рэдакцыйнае заданне: апытваў працаўнікоў прадпрыемства па розных эканамічных пытаннях. Праз нейкі час да яго падыйшоў нейкі чалавек, які не прадставіўся, але назваў сябе прадстаўніком ідэалагічнай службы прадпрыемства і папрасіў прайсці з ім.
Журналіста завялі ў адзін з пакояў на прахадной прадпрыемства. Тамсама быў супрацоўнік міліцыі. Міліцыянт заявіў, што ні фатаграфаваць, ні праводзіць якія-небудзь апытанні на тэрыторыі прадпрыемства нельга. Прычым, па яго словах, тэрыторыяй прадпрыемства лічыцца і прылеглая да яго пляцоўка.
Прыкладна праз гадзіну пасля затрымання Асіпцова адпусцілі без ніякіх пратаколаў.
Фота — svaboda.org