У Магілёве зноў прыпынена будаўніцтва корпуса БРУ
Ужо два месяцы краны не вядуць ніякай працы па ўзвядзенні корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
У Магілёве зноў прыпынілі будаўніцтва корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Ужо два месяцы два краны прастойваюць і не вядуць ніякай працы. Каб у чарговы раз зрушыць справу з мёртвай кропкі, грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі сабраў 64 подпісы студэнтаў універсітэта і магілёўцаў, накіраваў подпісы ў Савет Міністраў, Магілёўскі аблсавет, а таксама прэзідэнтам Беларусі і Расіі.
Паўлоўскі адзначае, што корпус узводзіцца ўжо больш за 20 год і гэты даўгабуд з’яўляецца ганьбай як для нашай краіны, так і для “саюзнай” дзяржавы.
“Па гэтым пытанні я звяртаўся ў Генеральную дырэкцыю навуковых арганізацый БРУ, што будуюцца, — распавядае Паўлоўскі. — Там мне адказалі, маўляў, няўжо вы не ведаеце стаўлення ўладаў да будаўніцтва навуковых устаноў? Яны будуюцца па астаткавым прынцыпе. Спачатку ўсё ідзе на хакей, а затым тое, што "з носа ўпадзе”. Мне патлумачылі, што такая сітуацыі – па ўсёй краіне. Гэта не адна наша такая вну, якая ў краіне будуецца дзесяцігоддзямі. Даведаўшыся мае прозвішча, ён сказаў, што спадзяецца, што я гэта пытанне не толькі ўздыму, але і што зрушу яго з мёртвай кропкі, бо мы не вінаватыя, што Савет Міністраў выдаткоўвае нам на гэта капейкі”.
Грамадскі актывіст лічыць, што прычына, па якой замарозілі будаўніцтва ў чарговы раз, звязана з пераразмеркаваннем сродкаў: грошы з мясцовага бюджэту ідуць то на Славянскі базар, то на чэмпіянат свету па хакеі.
Паўлоўскі задаецца пытаннем: як доўга будзе цягнуцца будаўніцтва корпуса БРУ? Бо прастойванне кранаў вядзе да істотнага падаражання коштаў аб’екта.
Прафесар Валеры Беразіенка, з якім у мінулым годзе не прцягнулі працоўны кантракт за тое, што ён падпісаўся пад ініцыятывай Аляксея Паўлоўскага, лічыць, што ўлада неахайна ставіцца да навукі.
“Развіваць нейкую фундаментальную навуку, развіваць нейкія новыя тэхналагічныя працэсы, прыборы, абсталяванне на сродкі, што выдаткоўваюцца дзяржавай, немагчыма. На жаль, цяперашнюю ўладу цікавіць толькі тая навука, якая дасць аддачу тут і цяпер, у той самы год, але такога не бывае. Трэба ўсё даследаваць і паглядзець, як што адбываецца. Няма такога, што ты ўзяўся за працу і праз пяць хвілін у цябе ўсё гатова. Калі няма грошай на фундаментальныя навукі, чакаць аддачы ў гэтую ж хвіліну вельмі цяжка”, — кажа прафесар.
Нагадаем, што Аляксей Паўлоўскі ўжо не першы год змагаецца за завяршэнне будаўніцтва корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Пасля яго скаргаў будаўніцтва на нейкі перыяд аднаўляецца, аднак неўзабаве спыняецца.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма