У Маладзечне знішчылі помнік "Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі"
Яго планавалі ў чарговы раз перанесці, але помнік разваліўся.
Нагадаем, помнік “Пакутнікам за волю у і незалежнасць” быў пастаўлены пры колішнім мэры горада Генадзю Карпенку. Гэта валун, аздоблены крыжам Еўфрасінні Полацкай. Напачатку на ім быў яшчэ бел-чырвона-белы сцяжок, які потым прыбралі.
Ад пачатку ён знаходзіўся ў скверы каля Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне. У 2011 годзе яго паставілі на рагу вуліц Машэрава і Вялікі Гасцінец. У траўні сёлета Еўрарадыё паведамляла пра планы чарговага пераносу. На гэты раз ён звязаны з будаўніцтвам на тэрыторыі "Парку Перамогі" двух валейбольных пляцовак і аўтамабільнай паркоўкі. На тым месцы, дзе ён зараз знаходзіцца, мясцовыя ўлады плануюць зрабіць заезд у парк.
Як паведамляюць маладзечанцы, дэмантаж адбыўся ў пятніцу, 29 чэрвеня. Падчас яго помнік разваліўся. Здарылася гэта напярэдадні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
На здымку знізу — так помнік выглядаў у траўні.
Фота — Еўрарадыё