У МАРГ патлумачылі, чаму падаражэлі малочныя прадукты
У Беларусі падаражэлі малочныя прадукты / pixabay.com
Цэны на некаторыя малочныя прадукты ў Беларусі ў параўнанні з кастрычнікам павялічыліся амаль на 2%.
Так, у лістападзе малако ў параўнанні з кастрычнікам падаражэла на 0,4%, нятлусты тварог — на 1,86%, тлусты тварог — 1,45%, кефір — 1%, сухія малочныя сумесі для дзіцячага і дыетычнага харчавання — 0,76%, смятана — 0,74%.
У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю гэтае павышэнне тлумачаць тым, што для вытворцаў адмянілі зніжкі. Верагодна, гэта звязана з новай схемай дзяржрэгулявання цэн. У адпаведнасці з ёй вытворцы абавязаныя ўзгадняць павышэнне адпускных цэн з чыноўнікамі.
Дарэчы, некаторыя малочныя тавары ў лістападзе сталі больш таннымі, чым былі ў кастрычніку. Цэны на ёгурты знізіліся на 5,4%, паўфабрыкаты з тварагу (варэнікі, блінцы) — 4,4%, глазураваныя сыркі — 3,3%, твараговы крэм, дэсерт, пудынг, паста — на 2,4%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.