У Маскве прайшла акцыя расійскай апазіцыі, гэтым разам санкцыянаваная
У Маскве прайшла акцыя расійскай апазіцыі пад лозунгам "Вернем сабе права на выбары". Гэтым разам яна была санкцыянаваная і адбылася ў форме мітынгу на праспекце Сахарава.
Акцыя распачалася ў 14:00 і на той момант колькасць удзельнікаў складала каля 7 тысяч чалавек, але праз сорак хвілінаў арганізатары ўжо называлі іншую лічбу — 28 тысяч. Паводле Бі-Бі-Сі, людзі праходзяць да месца правядзення мітынгу праз 50 "рамак". Пад канец на праспекце Сахарава мітынгавала амаль 50 тысяч чалавек.
У межах акцыі выступілі Леанід Парфёнаў, рэпер Face, гурт IC3PEAK. Улады не давалі на гэта дазвол, але музыкі ўсё адно выйшлі на сцэну.
Пратэсты ў Маскве трываюць пяты тыдзень. Нагодай для іх стаў нядопуск да ўдзелу ў выбарах у Маскоўскую гарадскую думу незалежных кандыдатаў. Дзве папярэднія акцыі 3 жніўня і 27 ліпеня былі несанкцыянаваныя. У часе гэтых акцыяў затрымалі болей за 2 тысячы чалавек.