Беларускія біятланісткі не змаглі заваяваць медалі на пекінскай Алімпіядзе
18 лютага ў беларускіх біятланістак на Алімпіядзе была апошняя магчымасць паспрабаваць заваяваць медалі. Аднак у мас-старце Ганна Сола і Дзінара Алімбекава выступілі няўдала. На чатырох агнявых рубяжах першая дапусціла 8 промахаў (2+2+1+3), а другая — 6 (1+1+2+2). Сола заняла 10-е месца (саступіла пераможцы 1 хвіліну 39 секунд), Алімбекава — 12-е (саступіла першаму месцу дзве хвіліны).
"Цэлілася ў адну мішэнь — трапіла ў іншую", — Дзінара Алімбекава скардзілася на вецер, які "па-здрадніцку дзьме ў спіну", і на сонца.
Мас-старт выйграла францужанка Жусцін Брэза-Бушэ. Срэбра ў нарвежкі Тырыль Экхаф, бронза ў яшчэ адной прадстаўніцы зборнай Нарвегіі Мартэ Ройселанд.
Упершыню з 2010 года беларускія біятланісткі не заваявалі на Алімпіядзе ніводнага медаля.
А 12-й гадзіне пачнецца мас-старт у мужчын, у якім паўдзельнічае беларус Антон Смольскі. У індывідуальнай гонцы на 20 км ён заваяваў срэбра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.