У Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне "Чарнобыльскага шляху"
Фармат акцыі традыцыйны: збор каля Акадэміі навук у 17.45, у 18.30 — пачатак шэсця ў парк Дружбы народаў, пасля заканчэння шэсця — невялікі мітынг.
Як паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцыі, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі, заяўка была пададзена вечарам 4 красавіка.
"У пятніцу, 1 красавіка, адбылося пасяджэнне аргкамітэта па правядзенні "Чарнобыльскага шляху", мы выпрацавалі канчатковы фармат правядзення акцыі. Ён традыцыйны: збор на пляцоўцы каля будынка прэзідыума Акадэміі навук у 17.45, у 18.30 — пачатак шэсця ў бок Чарнобыльскай капліцы ў парк Дружбы народаў, пасля заканчэння шэсця — невялікі мітынг", — сказаў Садоўскі.
Заяўку акрамя Садоўскага падпісалі кіраўнік аргкамітэта па правядзенні "Чарнобыльскага шляху" Юрый Хадыка і адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Мікалай Пахабаў.
"Мы гатовы ўзгадняць парадак правядзення шэсця і мітынгу з Мінгарвыканкамам. Калі колькасць удзельнікаў шэсця будзе менш за пяць тысяч чалавек, мы павядзем калону дэманстрантаў па пешаходных зонах", — сказаў Садоўскі.
Фота: belarus.avtonom.org