У Мінску 75 гадоў таму стралялі ў міністра ўнутраных спраў
У Мінску 75 гадоў таму стралялі ў міністра ўнутраных спраў рэспублікі Сяргея Бельчанку (1902 — 2002). Ён цудам застаўся жывы. Куля снайпера не прабіла коўдру, Бельчанка атрымаў толькі слабы апёк. Пра гэтае здарэнне вядома з успамінаў міністра.
"Бандыты мэтанакіравана палявалі на мяне, — пісаў Сяргей Бельчанка. — У Мінску 16 кастрычніка 1946 года ў мяне стрэліў снайпер. Ён страляў праз акно на гарышчы хлява, які месціўся побач з домам, у акно маёй спальні".
Міністр успамінае, што адбылося гэта на золку, неўзабаве пасля таго, як ён вярнуўся дахаты: "Аднак з-за таго, што я быў накрыты ў той дзень набытай Надзеяй Паўлаўнай [жонкай Сяргея Бельчанкі] коўдрай, куля, што ляцела ў мяне, не прабіла таўшчыні ваты, а, згарнуўшыся ў камяк, застрала там. Яна нанесла мне толькі ўдар ў вобласці жывата і слабы апёк".
З успамінаў Бельчанкі вынікае, што стралка не знайшлі. Дарэчы, у іншых савецкіх рэспубліках у той час падобных замахаў на міністраў унутраных спраў не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.