У Мінску аб'явілі пра стварэнне аргкамітэта партыі "Новыя людзі"
У Мінску аб'явілі пра стварэнне аргкамітэта партыі "Новыя людзі". Юрый Васкрасенскі піша ў сваім тэлеграм-канале, што яе ствараюць былыя прыхільнікі Віктара Бабарыкі. Аргкамітэт збіраўся і праводзіў прэс-канферэнцыю ў яго офісе так званага "Круглага стала дэмакратычных сілаў".
Паводле Васкрасенскага, "лідарам аргкамітэта новай партыі стаў Васіль Галькін, падчас электаральнай прэзідэнцкай кампаніі [2020 года] — найлепшы зборшчык подпісаў і член групы Віктара Бабарыкі". Сам ён сказаў, што яму даводзілася нават начаваць у офісе Бабарыкі ў ноч з 9 і на 10 жніўня мінулага года!
Пасля з'явілася і заява Галькіна: "Выхад з сённяшняй сітуацыі мы бачым у Канстытуцыйным працэсе, дэмакратызацыі і гуманізацыі дзеючага заканадаўства, удзеле ў маючых адбыцца выбарчых кампаніях". А прадстаўнік аргкамітэта і "спецыяліст у прамысловасці" Іван Сушко адзначыў, што "прыярытэт у праграме будзе аддадзены рэальнаму сектару эканомікі". Яны мяркуюць, што новая партыя зойме "левы цэнтр". Устаноўчы з'езд запланаваны на канец лета.
Віктар Бабарыка — палітвязень, ён знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020-га, над ім праходзіць суд. Да гэтага праекту Бабарыка не мае ніякіх адносінаў. Яго прыхільнікі ствараюць партыю "Разам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.