У Мінску адкрыліся скульптуры "Экіпаж" і "Дойлід"

У Мінску адкрыліся скульптуры "Экіпаж" і "Дойлід", створаныя скульптарам Уладзімірам Жбанавым.

Бронзавая скульптура "Дойлід" з'явілася на плошчы Незалежнасці некалькі дзён таму. Ідэю помніка прапанаваў генеральны дырэктар сталічнай кампаніі "Эльвіра" Валерый Поткін; гэтае прадпрыемства адрэстаўравала будынак камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінскага гарвыканкама.

 
У цэнтры кампазіцыі барадаты архітэктар у тозе са скруткам чарцяжоў пад левай пахай. Ён стаіць над горадам і правай рукой варажыць над пабудовамі, што сімвалізуюць архітэктуру Мінска розных эпохаў, - брамай старажытнага драўлянага замка XII стагоддзя, касцёлам бернардзінак XVII стагоддзя і будынкам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, узведзеным па праекце Іосіфа Лангбарда ў перадваенныя гады.

"У гэтай рабоце я вырашыў прадставіць лёгка распазнавальныя помнікі архітэктуры, а дойліда - у позе гаспадара, бо архітэктура з'яўляцца маці мастацтваў", - сказаў спадар Жбанаў. Другім помнікам, які скульптар прысвяціў 940-годдзю Мінска, стаў бронзавы "Экіпаж", што нядаўна ўстаноўлены ля будынка Мінскай ратушы.

 
Паводле слоў Уладзіміра Жбанава, кампазіцыя, у працы над якой дапамагалі скульптары Юрый Палякоў, Аляксандр Тухто і Віктар Завадскі, паказвае момант, калі гораданачальнік пакінуў адкрытую каляску і накіраваўся ў ратушу, а рамізнік завязаў лейцы і трымае коней.

Адзін з іх узняўся на дыбкі, а другі прагінаецца, але ніяк не могуць зрушыцца, пакуль ім гэта не дазволяць. "У гэтай рабоце я хацеў паказаць, як трымаюць сябе з уладай непахісныя ганарліўцы і паслухмяныя лакеі", - падкрэсліў У.Жбанаў. Абодва помнікі адлітыя на сталічным заводзе "Юнома".

Пасля адкрыцця гэтых кампазіцый колькасць работ Уладзіміра Жбанава ў сталіцы дасягнула дзесяці.

                            "БелаПАН"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі