У Мінску чакаюць прозвішчы датычных да вывазу ўкраінскіх дзяцей

Дзеці з Украіны ў вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС Беларусі

Дзеці з Украіны ў вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС Беларусі / sb.by

Прадстаўнік афіцыйнага Мінска публічна адрэагаваў на абвінавачванні, якія гучаць на адрас беларускіх уладаў з нагоды датычнасці да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Заява прагучала на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў Македоніі.

"У дачыненні да прагучалых абвінавачванняў або здагадак у гвалтоўным перамяшчэнні або дэпартацыі дзяцей з Украіны. Тут адказ вельмі кароткі. Ніводнага прозвішча нам ніхто не назваў. Мы чакаем",  — заявіў намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Юрый Амбразевіч. У сваім выступе Амбразевіч таксама казаў, што ўсе абвінавачванні з боку "большасці" краін NATO і Еўрасаюзу ў дачыненні да Беларусі надуманыя, а сітуацыя з правамі чалавека ў краінах ЕС "не лепшая", чым у Беларусі.

Нагадаем, у пачатку лістапада прадстаўнікі каманды Народнага антыкрызіснага кіравання (НАУ) на чале з Паўлам Латушкам перадалі Міжнароднаму крымінальнаму суду (МУС) у Гаазе дадатковыя матэрыялы аб дачыненні Аляксандра Лукашэнкі "і ягоных хаўруснікаў да вайсковага злачынства — перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей". У гэтых матэрыялах гучыць як мінімум прозвішча Аляксея Талая. Менавіта ён займаецца арганізацыяй такіх паездак. Гэта публічна казаў летам і сам Лукашэнка. У Мінску сцвярджаюць, што дзяцей вывозяць "на рэабілітацыю". Але, згодна з дакументамі НАУ, дзеці замест рэабілітацыі "удзельнічалі ў насычанай праграме мерапрыемстваў, якая ўтрымоўвала элементы палітычнага, а менавіта антыўкраінскага, пралукашэнкаўскага і пракрамлёўскага перавыхавання". Раней, вясной Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай. Іх абвінавачваюць у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. А ў верасні з заклікам да МУС выдаць такі ордэр і на арышт Лукашэнка звярнуўся і Еўрапарламент.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі