У Мінску падаткавікі знайшлі 100 пенсіянераў, якія валодаюць элітнымі машынамі
У Мінску падаткавікі знайшлі 100 пенсіянераў, якія валодаюць элітнымі машынамі. Два аўтамабілі "Бэнтлі" былі аформленыя на грамадзян 1941 года нараджэння, а ўладальніцай "Паршэ" нібыта стала 80-гадовая жанчына, інфармуе БЕЛТА.
Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, пасля аналізу прыбыткаў грамадзян, прыйшло да высновы, што ёсць факты рэгістрацыі транспартных сродкаў на пенсіянераў. Як паведаміў на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме начальнік інспекцыі міністэрства па Мінску Андрэй Сабалеўскі, дзядулі і бабулі ў сталіцы таксама валодаюць аўтамабілямі "Мазэраці", "Ламбаргіні", "Ягуар", "Майбах", "Ферары", "Ролс-Ройс", "Астан-Марцін". Трэцюю частку інфармацыі падаткавікі ўжо адпрацавалі, грамадзянам выставілі для аплаты больш за 200 мільёнаў рублёў. Астатніх пакупнікоў дарагіх аўтамабіляў правераць у бліжэйшы час.