У Мінску паказалі фільм пра жаночую калонію: палова гледачоў не ўлезла ў залу
Чарга на фільм "Дэбют" у кінатэатры "Мір".
Дакументальны фільм "Дэбют" Анастасіі Мірашнічэнка паказалі на фестывалі Watch Docs ў Мінску. Бясплатныя квіткі на кінастужку пра гомельскую жаночую калонію разабралі за некалькі хвілін. Жадаючых паглядзець фільм аказалася ўдвая больш, чым змяшчае зала, а чарга сабралася за гадзіну да паказу.
Пасля паказу гледачы змаглі задаць пытанні рэжысёру, а журналісты Еўрарадыё задалі пытанні гледачам: ці трэба казаць аб правах зняволеных, ці наладжаная ў Беларусі сістэма рэабілітацыі для іх?
"Гэта настолькі за душу бярэ! Закранутая такая тэма, якая нячаста ў нас у Беларусі гучыць. Хоць я думаю, што яна актуальная, — лічыць Мая Левіна. — Таму што любы чалавек можа трапіць у турму... нават прыказка ёсць — ад астрогу няма перасцярогу. Я бачу, колькі моладзі садзіць за наркотыкі, гэта вельмі актуальна ў нашай краіне, таму што яны забароненыя, тэрміны вялікія. А гэта ўсё роўна дзеці, там [у турме] ім псіхіку ламаюць".
Муж жанчыны Дзмітрый дадае:
"Ну вядома, гэта праўдзіва. Фільм пастаўлены добра, ніякіх забароненых тэм. Гэта жыццё ў турме. У нас ёсць рэабілітацыя для былых зняволеных, але яна ўся зводзіцца да царквы".
Мая лічыць, што дзяржава мала думае пра лёс вязняў пасля іх выхаду на свабоду, а з-за тэрміну ў іх узнікае шмат праблем.
"Пасля [выхаду з турмы] вельмі цяжка ўладкавацца на працу. Людзям, якія сядзяць падоўгу, цяжка ўлівацца ў соцыум. Цяжкавата з рэабілітацыяй. Я лічу, што дзяржава сапраўды павінна дапамагчы ў сацыялізацыі гэтых людзей, а таксама іх бацькоў. Вы разумееце, што для сям'і, калі ўжо мама старэнькая, а за злачынства садзіцца на такі тэрмін яе дачка... Жах. Гэтаму сапраўды трэба надаць значэнне. Спадзяюся, гэты фільм і чыноўнікі паглядзяць, і нададуць увагу".