У Мінску стартуе серыя канцэртаў "Заспявай 2.0"
Яе адкрые выступ гуртоў Navi і "Палац".
Праект "Заспявай 2.0" ладзіць серыю канцэртаў, у якіх возьмуць удзел фіналісты конкурсу і зоркі беларускай сцэны. Распачнуць івэнт гурты Navi і "Палац". Гэта адбудзецца 19 чэрвеня на адкрытай тэрасе кавярні Chill-Out, што на плошчы Свабоды.
Гурт Navi стаў адным з фіналістаў конкурсу "Заспявай 2.0". Музыкі падалі заяву на ўдзел у дзвюх намінацыях — "Кавер" і "Спяваная паэзія", і ў абодвух выпадках былі адзначаныя журы.
Падчас свайго сэту на тэрасе Chill-Out 19 чэрвеня Navi сыграюць свае конкурсныя песні, а таксама абраныя творы з акустычнага беларускамоўнага альбома "Сонцам сагрэтыя".
Паводле задумы летніх канцэртаў, кожнага фіналіста "Заспявай" падтрымае сваім выступам вядомы гурт. Госцем гэтага вечара стане якраз гурт "Палац", які выступіць пасля Navi з гадзінным сэтам найлепшых песень у акустычным гучанні.
Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу "Заспявай 2.0". Прызавы фонд конкурсу складае 1000 еўра.
Паводле сайта tuzin.fm