У Мінску суд апраўдаў галоўнага інжынера прадпрыемства, але яго тут жа затрымалі

У Мінску суд апраўдаў галоўнага інжынера прадпрыемства, але яго тут жа затрымалі

У Мінску суд Фрунзенскага раёна апраўдаў былога галоўнага інжынера Мінскага завода калёсных цягачоў Андрэя Галавача, але яго тут жа затрымалі. Як інфармуе партал tut.by, высветлілася, што яго затрымалі па падазрэнні ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, і гэта новыя эпізоды справы.

Галавач быў затрыманы ў лютым 2015 года праз восем месяцаў пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў яго медалём “За працоўныя заслугі”. У сакавіку 2017-га Фрунзенскі суд сталіцы прызнаў траіх чалавек, у тым ліку і галоўнага інжынера, вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ад прадстаўнікоў суб’екта гаспадарання за садзейнічанне пры пастаўках на завод інструментаў). Галавач атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Агулам у справе было 80 эпізодаў атрымання хабараў. Галоўнаму інжынеру інкрымінавалі атрыманне больш за 180 тысяч дэнамінаваных рублёў.

Сваю віну Андрэй Галавач адмаўляў. Мінскі суд разгледзеў апеляцыйную скаргу і адмяніў прысуд, накіраваў справу на новы разгляд. У Фрунзенскім судзе яе разглядала іншая суддзя. Яна і вынесла 5 лютага апраўдальны прысуд!

Чаму Галавач быў затрыманы супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй адразу пасля вызвалення, патлумачыла прэс-служба МУС. “Падчас правядзення следча-аператыўных мерапрыемстваў” праваахоўнікам стала вядома, што ў 2012-2015 гадах “галоўны інжынер завода аказваў злачыннае садзейнічанне прадстаўнікам замежнай камерцыйнай структуры”. І адбывалася гэта падчас рэалізацыі праграмы тэхнічнага пераўзбраення”. Па версіі МУС, Андрэй Галавач забяспечыў магчымасць пастаўкі для прадпрыемства дарагога абсталявання коштам больш за 20 мільёнаў долараў і атрымаў хабар у памеры 70 тысяч долараў. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі