У Мінску супрацоўнікі АМАП блакавалі аўтамабіль Змітра Дашкевіча
Супрацоўнікі АМАП блакавалі аўтамабіль аднаго з лідараў "Маладога фронту" (зарэгістраванага ў Чэхіі) Змітра Дашкевіча.
Здарэнне адбылося каля 13-й гадзіны, калі Дашкевіч ехаў да грамадскага актывіста Аляксея Шэіна збіраць мэблю. Як вядома, Дашкевіч як прыватны прадпрымальнік зарабляе менавіта вырабам мэблі. Аўто апазіцыянера нечакана заблакаваў мікрааўтобус з супрацоўнікамі АМАП.
Потым да аўтамабіля пад'ехалі даішнікі, якія заявілі, быццам Дашкевіч два разы праехаў на чырвонае святло. І, нібыта, у іх ёсць сведка — амапавец.
"Я апошні раз паварочваў з праспекта Дзяржынскага па зялёнай стрэлцы. Выказалі здагадку, што я п'яны. Папрасілі дакументы, якія я ім працягнуў праз шчыліну акна", — распавёў Дашкевіч у каментары БелаПАН.
Апазіцыянер заблакаваў дзверы аўто. Аднак даішнікі, па яго словах, пагражалі дастаць яго з машыны сілай.
Жонка апазіцыянера Наста Дашкевіч апублікавала ў сацсетках інфармацыю пра затрыманне аўтамабіля. Пасля гэтага, кажа апазіцыянер, яму вярнулі дакументы, а аўтобус АМАП і аўтамабіль ДАІ з'ехалі.
Дарэчы, аўтамабіль Дашкевіча быў затрыманы падчас таго, як побач з Адміністрацыяй прэзідэнта ў цэнтры Мінска праходзіла акцыя ў падтрымку тэлеканала "Белсат".