У Мінску сёлета пачнуць будаваць новыя станцыі метро
На будаўніцтве метро / minsknews.by
Мінскія ўлады плануюць у гэтым годзе пачаць будаўніцтва новых станцый трэцяй лініі метро. Тунэльныя працы пачнуцца ў бок Зялёнага Лугу, заявіў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў у эфіры АНТ.
"Праектныя працы дазваляюць ужо выйсці там на пляцоўку", — сказаў ён. Паводле слоў Кухарава, без метро гораду спатрэбіцца больш укладанняў — і фінансавых, і маральных, "таму што мабільнасць перамяшчэння па сталіцы — гэта вельмі важна для кожнага".
Нагадаем, 4 станцыі трэцяй, Зеленолужской лініі метро былі адкрытыя 6 лістапада 2020 года. Гэта "Кавальская Слабада", "Вакзальная", "Плошча Францішка Багушэвіча" і "Плошча Юбілейная". Усяго на гэтай лініі павінна быць 14 станцый, яна злучыць мікрараёны Курасоўшчына і Зялёны Луг і будзе мець працягласць 17,2 км. Паводле планаў, новы ўчастак трэцяй галінкі метро, які складаецца з трох станцый, адкрыецца ў 2023 годзе.
Кухараў у эфіры АНТ таксама пракаментаваў ідэю стварыць у цэнтры Мінска пешаходную зону. Такія прапановы гучалі пасля абвальвання моста на Нямізе — гарадскім уладам раілі адмовіцца ад аднаўлення пуцеправода і задумацца над арганізацыяй зоны, свабоднай ад транспарту. Гэта магло б паспрыяць развіццю турызму.
Са слоў Кухарава, мінскія ўлады ідэю "старанна прааналізавалі", але палічылі непераканаўчай, бо яе рэалізацыя створыць "сур'ёзныя нязручнасці жыхарам Мінска". А цэнтр горада ўлады плануюць разгрузіць пасля завяршэння работ на першым транспартным кальцы. Яго сёлета замкнуць, і "гэта дасць магчымасць значна знізіць транспартную нагрузку на цэнтральную частку горада", мяркуе Кухараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.