У Мінску ўрачыста адкрылі помнік Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу (фота)
У Мінску ўрачыста адкрылі помнік кампазітару Станіславу Манюшку і класіку беларускай літаратуры Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Адбылося гэта 3 верасня, у Дзень горада. Скульптурную кампазіцыю размясцілі ў скверы каля ратушы на плошчы Свабоды.
Гарадскія ўлады на ўрачыстай цырымоніі прадстаўляў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка. Ён ганарыцца, што "ў гісторыі нашай краіны ёсць такія вялікія імёны". Таксама ў сваёй прамове Карпенка нагадаў, што супрацоўніцтва Манюшкі і Дунін-Марцінкевіча "паклала пачатак развіццю беларускага опернага мастацтва".
Як інфармуе БЕЛТА, аўтарамі скульптуры з'яўляюцца Леў і Сяргей Гумілеўскія.
Фота: БЕЛТА