У Мінску выкрылі "маштабную афёру ў будаўнічай галіне"

Камітэт дзяржкантролю падчас ператрусаў знайшоў значныя сродкі

Камітэт дзяржкантролю падчас ператрусаў знайшоў значныя сродкі / t.me/kgk_oficial/

У Мінску выкрылі "маштабную афёру ў будаўнічай галіне". Камітэт дзяржкантролю сцвярджае, што 10 прыватных кампаній недаплацілі ў бюджэт больш за 5 мільёнаў рублёў.

Група з 7 чалавек, арганізаваная двума грамадзянамі Беларусі, аказвала паслугі прыватным кампаніям "па правядзенні незаконных фінансавых аперацый у будаўнічай сферы". З 2021 года яны зарэгістравалі 65 падкантрольных фірмаў-аднадзёнак, ад імя якіх аказвалі паслугі камерцыйным прадпрыемствам у афармленні фіктыўных дакументаў, а таксама абменьвалі безнаяўныя грошы на наяўныя. За свае паслугі арганізатары групы пакідалі сабе да 12% ад сумы пералічаных грашовых сродкаў. Асноўнымі кліентамі былі сталічныя камерцыйныя фірмы, якія выконвалі будаўніча-мантажныя работы (у тым ліку на дзяржаўных аб'ектах Мінска і Мінскай вобласці). Атрыманыя наяўныя грошы выкарыстоўваліся ў тым ліку і для выплаты заробкаў "у канвертах".

Распачата 5 крымінальных спраў. Арганізатар знаходзіцца пад вартай. Удзельнікі групы і кіраўнікі камерцыйных прадпрыемстваў з'яўляюцца падазраванымі.

КДК падкрэслівае, што "дзейнасць групы была старанна заканспіраваная: выкарыстоўваліся сакрэтныя чаты ў мэсэнджарах і паролі, умоўныя месцы сустрэч, зашыфраваныя базы звестак захоўвання інфармацыі". Падчас ператрусаў знайшлі пячаткі, ключы кіравання разліковымі рахункамі фірмаў-аднадзёнак, больш за 500 тысяч долараў.

У Мінску выкрылі "маштабную афёру ў будаўнічай галіне"
У Мінску выкрылі "маштабную афёру ў будаўнічай галіне"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі