У Мінску вынеслі прысуды чарговай групе ашмянскіх мытнікаў

У Мінску вынеслі прысуды чарговай групе ашмянскіх мытнікаў

У Мінску ў абласным судзе вынеслі прысуды чарговай групе ашмянскіх мытнікаў, якіх прызналі вінаватымі ў атрыманні хабараў. Як інфармуе партал tut.by, 13 чалавек асуджаныя на пазбаўленне волі, 2 атрымалі “хімію”, 1 (літоўскі бізнесмен Артур Тураеў, ён выходзіць на волю) — штраф у памеры 2 тысяч базавых велічынь.

Гарнік Сарумянц, якога лічаць арганізатарам, асуджаны на 11 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. У яго канфіскуюць 1,8 млн долараў, якія знайшлі пад ваннай у кватэры ў Ашмянах. 6 гадоў пазбаўлення волі атрымала Марына Мароз, адзіная жанчына, якая праходзіць па справе. Толькі двое, Юрый Кавальчук і Ігар Бубнаў, увесь час настойвалі, што яны невінаватыя. Яны атрымалі 5 і 6 гадоў зняволення адпаведна.

Вядома, што некаторыя мытнікі перад абвяшчэннем прысуду кампенсавалі страты. Двое з іх заплацілі прыкладна па 120 тысяч долараў, адзін — 90 тысяч, яшчэ адзін — $60 тысяч. І гэта дазволіла зрабіць прысуд гэтым людзям “менш суровым”.

Суд мае прэтэнзіі да якасці вядзення справы і вынес прадпісанне КДБ, які яе расследаваў. Мытны камітэт атрымаў прадпісанне з-за таго, што дапусціў злачынства на мытні.

Следства мяркуе, што ў 2010-2015 гадах ашмянскія мытнікі за хабары хутка і без дагляду прапускалі праз мяжу машыны з кветкамі. Пра выкрыццё злачыннай групы ў красавіку 2015-га аб’явіў Аляксандр Лукашэнка. На лаву падсудных трапілі 56 чалавек. Справы ашмянскіх мытнікаў разглядаюцца ў чатырох судах сталіцы — акрамя Мінскага абласнога суда, у судах Партызанскага, Фрунзенскага і Кастрычніцкага раёнаў. У снежні 2016 года былы начальнік мытні Іван Невяркевіч атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі, але пазней тэрмін быў зменшаны да 6 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі