У Мінску выступяць нямецкія музыкі-вандроўнікі In Extremo
У Мінск едзе знакаміты нямецкі гурт In Extremo. Фолк-металісты выступяць у клубе Re:Public 11 верасня ў межах усходнееўрапейскага тура ў падтрымку альбома 2016-га года "QUID PRO QUO".
In Extremo родам з Берліна. Пачыналі музыкі ў 1995 годзе з інструментальных перапрацовак старадаўніх і сярэднявечных балад на жывых і мёртвых еўрапейскіх мовах: лацінскай, старажытнаверхненямецкай, старажытнашведскай, іспанскай, ісландскай і іншых. З альбома "Weckt die Toten" 1998 года музыка калектыву пачала набываць выразныя рысы мідыявал-метала. Альбом "Sunder ohne Zügel" 2001 года адбіў цікавасць музыкантаў да індастрыял-метала, але ў стылістыцы захаваўся фолк-метал на аснове старадаўняй музыкі і тэкстаў.
Цяпер у асноўным музыкі пішуць уласныя тэксты на нямецкай мове, а разам з электрагітарамі выкарыстоўваюць валынкі, арфы, лютні і флейты. Гурт таксама вядомы яскравымі шоу, у якіх музыкі выходзяць на сцэну ў вобразах сярэднявечных вандроўных музыкаў, а вакаліст Das letzte Einhorn (Міхаэль Робер Райн) ладзіць трукі з агнём. Па словах відавочцаў, шоу In Extremo можна параўнаць хіба што з выступамі Rammstein.