У Мінску за год адлавілі 4 тысячы бяздомных жывёл
З іх усыпілі 107 сабак і 22 катоў. Астатніх уратавалі людзі.
Сумная статыстыка: за паўгода камунальнікі Брэста адлавілі 702 бяздомных сабак і столькі ж катоў. Небяспечных жывёл тут адстрэльваюць. На прадпрыемстве "Камунальнік" такія меры называюць выключнымі.
"Калі жывёлаў падазраюць у захворванні на шаленства, прымяняюць адстрэл. Бо Брэст — небяспечнае месца ў гэтым плане. Мы намагаемся гэта не выкарыстоўваць, бо яно адразу прыцягвае ўвагу абаронцаў жывёл. А ў нас за паўгода 290 пакусаў", — апісвае супрацоўнік прадпрыемства "Камунальнік".
Ён нечакана параўноўвае адстрэл жывёл з выключнай мерай пакарання для людзей, калі тлумачыць, наколькі рэдка гэта прымяняецца. Дзіўнае параўнанне. Колькі з 702 адлоўленых сабак і катоў выжылі, у "Камунальніку" не кажуць, спаслаўшыся на занятасць.
Толькі ўдакладняюць: такіх больш, чым усыпленых. Графіку адстрэлаў таксама не складаюць, працуюць па званках грамадзян і ЖЭСаў. Але валанцёры гэта абвяргаюць.
"У камунальнікаў што ні выезд, то адстрэл, — кажа валанцёрка з "Дабрыні" Алена. — Яны даволі часта выязджаюць, цяпер пачалі менш страляць, а больш адлоўліваць, але ўсё адно. Тых каго адлавілі, мала забіраюць. Больш усыпляюць".
У Мінску за мінулы год адлавілі 2,5 тысячы сабак і 1,6 тысячы бяздомных катоў. Яшчэ ад тысячы катоў і 700 сабак адмаўляюцца самі гаспадары. Усыпілі 22 катоў і 107 сабак. Іншых забіраюць людзі! Гэта значыць, звычайныя людзі і валанцёры ратуюць ад смерці 2,3 тысячы сабак і 1,6 тысячы катоў.
"Калі да нас трапляюць жывёлы, 5 дзён даецца на тое, каб знайшоўся стары гаспадар. Пасля можам аддаваць новым гаспадарам, — тлумачаць у "Фауне горада". — Выязджаем звычайна па заяўках ЖЭСа, бо туды скардзяцца людзі. Мы жывёл не адстрэльваем, прымяняем сродкі, якія абязрушваюць, калі жывёла дзікая".
Пакуль закон, які б тлумачыў як адлоўліваць бяздомных жывёл, не прыняты. Ён паступіць у Палату прадстаўнікоў на разгляд у кастрычніку.
"Многія вобласці ад гэтага адмовіліся, гэта ж жудасна! Калі прымуць новы закон, гэта будзе забаронена, — здзіўляецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра пастаяннай камісіі па заканадаўстве Наталля Гуйвік. — Трэба супрацоўнічаць камунальнікам з абаронцамі жывёл. Напрыклад, у Полацку гэта добра адладжана".
На сёння існуе крымінальная і адміністратыўная адказнасць за здзек з жывёл. Адстрэл, як бачым, не падпадае пад гэты артыкул.
Фота: widefon.com