У Мінску з'явілася алея шляхты
На тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу ў Мінску з'явілася алея шляхты. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на старшыню грамадскага аб'яднання "Мінскі сход нашчадкаў шляхты і дваранства" Ігара Чакалава-Шыдлоўскага.
Грамадскае аб'яднанне выступіла ініцыятарам і выканаўцам праекта. Аўтарам праекта стала галоўны архітэктар праектаў майстэрні ландшафтнай архітэктуры РУП "Мінскпраект" Ганна Аксёнава.
Чакалаў-Шыдлоўскі паведаміў, што канцэпцыя алеі будзе рэалізоўвацца паэтапна. Цяпер у Лошыцкім комплексе сябры аб'яднання высадзілі 17 арабінаў, якія сімвалізуюць пяшчоту і адданасць паненак, і тры дубы — сімвал сілы і магутнасці рыцараў. Арабіны пасаджаныя вянком, дубы — у цэнтры.
Кіраўнік шляхецкага аб'яднання кажа, што плануецца пасадзіць другі вянок, пакласці дарожку і ўсталяваць памятны камень. Алея заснаваная ў памяць аб прадстаўніках шляхецкіх родаў, якія аддалі свае жыцці ў вялікіх бітвах.