У музеі Вялікай айчыннай павесяць плакаты супраць смяротнага пакарання

100 лепшых постэраў з усёй Еўропы адбірала спецыяльная камісія Савета Еўропы. Інфапункт гэтай арганізацыі ўжо больш за год працуе ў Беларусі. Ідзе другі год дзейнасці інфармацыйнага пункта Савета Еўропы. Ён знаходзіцца ў адным з навучальных корпусаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і з'яўляецца яго структурай.

Старшыня Інфапункта Ігар Горскі кажа, што нядаўна ў Офісе з'явілася інфармацыя пра гранты і моладзевыя абмены. Не сакрэт, што менавіта гэта цікавіць студэнтаў больш за ўсё.

Ігар Горскі: "Мы ўжо маем пачатковую інфармацыю, ад якой можна адштурхнуцца. Заклікаем студэнтаў і зацікаўленую моладзь пісаць нам, звяртацца, прыходзіць да нас!"

Аб супрацоўніцтве ў гэтай сферы дамовіліся падчас нядаўняга візіту старшыні Генеральнага дырэктарата Савета Еўропы па справах моладзі.

Хіба цяпер моладзь будзе актыўней наведваць Інфапункт.

Студэнтка журфака Валянціна: "Пра Інфапункт ведаю, але туды не заходзіла. Бачыла іх лістоўкі. Але толькі аднойчы чула пра нейкае мерапрыемства. Мне здаецца, там нічога не адбываецца".



Частка студэнтаў журфака ды факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ ўсё яшчэ вагаецца, ці пераступаць парог офіса 202 свайго корпуса

На пачатку дзейнасці Інфапункта не так шмат моладзі цікавіліся яго дзейнасцю. Еўрарадыё нават падлічыла сярэднюю лічбу і выйшла яна вельмі малой.

Праўда, так было на самым пачатку дзейнасці. І метадалогія падліку была не зусім слушнай, адзначае Ігар Горскі. У кожным выпадку, не належыць судзіць аб дзейнасці офіса выключна па лічбе наведвальнікаў, заўважае ён.

Бо інфапункт не толькі прымае зацікаўленых, але займаецца працай са СМІ, ладзіць розныя мерапрыемствы і кампаніі. І працуе ў ім толькі два чалавекі. Цяпер у офісе "гарачы перыяд".

Ігар Горскі: "Плануецца шэраг семінараў і круглых сталоў, тэмы па якіх яшчэ ўдакладняюцца. Набліжаецца час, калі пройдзе выстава плакатаў пра адмену смяротнага пакарання. Гэта адбудзецца ў раёне 9-10 кастрычніка ў Музеі вялікай айчыннай вайны ў Мінску. Чакаецца вялікае адкрыццё, уваход вольны".

Там будуць прадстаўленыя 100 лепшых постэраў з усёй Еўропы, адабраных спецыяльнай камісіі Савета Еўропы.

Апрача таго, арганізуюцца два візіты ў Страсбур, прымеркаваных да кастрычніцкай сесіі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы – групы беларускіх журналістаў і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый.



У інфапункце багатая бібліятэка. Кнігі, брушуры і дыскі можна забіраць з сабой.



Супрацоўнікі Інфапункта

Да таго ж, Офіс займаецца рознымі тэматычнымі кампаніямі.

Ігар Горскі: "Зараз ладзяцца кампаніі супраць смяротнага пакарання, супраць бытавога гвалту, супраць дыскрымінацыі, "Еўропа - больш, чым ты думамеш" і новая кампанія "За бяспеку ў інтэрнэце".

У межах кампаній будуць з'яўляцца рэкламныя постэры і ролікі на тэлебачанні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі