У Оршы міліцыя закрыла інтэрнэт-краму спайсаў
У Оршы міліцыя закрыла інтэрнэт-краму па гандлі спайсамі. 21 верасня позна ўвечары супрацоўнікі ўпраўлення і аддзела па наркакантролі Аршанскага РАУС затрымалі дваіх мясцовых жыхароў — 22-гадовых хлопца і дзяўчыну, якія рабілі закладку чарговай дозы спайсу ў прыватным сектары.
Хлопец — беспрацоўны мясцовы жыхар, раней не меў праблемаў з законам. У свой бізнэс ён уцягнуў знаёмую, прадавачку шапіка “Белсаюздрук”. Рэагенты для вытворчасці спайсаў наркагандляр набываў у Оршы або ездзіў па іх у Мінск. Затым ён вырабляў наркотыкі ў кватэры, якая яму дасталася ад бабулі, а таксама ў кватэры сваёй саўдзельніцы, якая таксама жыла адна.
Гандляры арыентаваліся на маладых людзей, якія хочуць набыць невялікую дозу, 1-3 грамы, атрымлівалі на электронны кашалёк грошы і рабілі закладку. За два месяцы незаконнай дзейнасці крама спайсаў зарабіла каля 1,5 тыс. новых рублёў.
Падчас затрымання ў хлопца канфіскавалі чатыры гатовыя пакецікі міксу, у дзяўчыны — тры. Чытыры дозы яны паспелі закласці. У адной з кватэр былі знойдзеныя яшчэ шэсць пакецікаў, а таксама спіс адрасоў закладак па горадзе. Наркагандляры змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання, на іх завялі крымінальную справу паводле ч.3 арт.328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсараў) КК, паведамляе прэс-служба Віцебскай абласной міліцыі.