У Паўднёвай Карэі арыштавалі экс-прэзідэнта

У Паўднёвай Карэі арыштавалі экс-прэзідэнта

Суд Паўднёвай Карэі выдаў ордэр на арышт экс-прэзідэнта Пак Кын Хе і яе ўжо арыштавалі. Праводзіцца расследаванне па абвінавачваннях у хабарніцтве і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Паводле закону, пасля затрымання яна можа знаходзіцца пад вартай на працягу 20 дзён, на час правядзення расследавання, інфармуе “Бі-Бі-Сі”.

Арышту былога прэзідэнта днямі запатрабавала пракуратура Паўднёвай Карэі. У яе заяве адзначаецца, што “абвінавачаная злоўжывала сваёй вялізнай уладай і статусам прэзідэнта, каб атрымліваць хабары ад кампаній і ўшчамляць іх правы на свабоду карпаратыўнага кіравання”. Сабрана ўжо дастаткова шмат доказаў віны Пак Кын Хе, але яна большасць абвінавачванняў не прызнае. Пракуратура лічыць, што калі экс-прэзідэнт застанецца на волі, існуе небяспека знішчэння доказаў.

Як вядома, Вярхоўны суд Паўднёвай Карэі аб’явіў пра імпічмент Пак Кын Хе 10 сакавіка. Гэтага патрабавалі шматтысячныя дэманстрацыі, якія прайшлі па краіне. Скандал выбухнуў у кастрычніку мінулага года, калі стала вядома, што Пак Кын Хе ў парушэнне закону прыцягнула да ўдзелу ў дзяржаўных справах сваю сяброўку Чхве Сун Сіль. Апошняя нават атрымала доступ да сакрэтнай інфармацыі. Высветлілася, што буйныя паўднёвакарэйскія карпарацыі, у тым ліку Samsung, атрымлівалі падтрымку ўраду за перавод буйных сумаў у фонды, якія стварыла сяброўка прэзідэнта. Чхве Сун Сіль знаходзіцца пад арыштам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі