У Полацку дзеці плаваюць на пенапласце ў глыбокай лужыне. Усе чакаюць трагедыі?

У Полацку дзеці плаваюць на пенапласце ў глыбокай лужыне. Усе чакаюць трагедыі?

У Полацку школьнікі падчас вакацый гуляюць на будаўнічай пляцоўцы. Фота, дзе дзеці плывуць па вялізнай лужыне на кавалках пенапласту, як на лодках, апублікавала ў інтэрнэце жыхарка дома №10 па вуліцы Міра. Палачанка піша, што глыбіня лужыны складае больш за метр.

“Дзеці рэгулярна катаюцца на кавалках пенапласту ў вялікай лужыне, якая засталася пасля будаўнічых прац, — піша жыхарка мікрараёна Аэрадром. — Памералі з мужам лужыну палкай. У асобных месцах яна метр, а можа, і болей. Гэтага дастаткова, каб адбылася трагедыя. Усе яе чакаюць?”

У Полацку дзеці плаваюць на пенапласце ў глыбокай лужыне. Усе чакаюць трагедыі?

Да жанчыны далучыліся іншыя жыхары Полацка. У каментарыях людзі скардзяцца на адсутнасць дзіцячых пляцовак, спартыўных гарадкоў і проста месцаў, дзе можна было б прагуляцца. Асабліва, па словах мясцовых жыхароў, гэтая праблема адчуваецца ў новых раёнах.

“Самі не ведаюць, чаго хочуць: адным стаянку, другім пляцоўку”

У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Полацкага райвыканкама Еўрарадыё распавялі, што не чулі пра глыбокую лужыну, а жыхары новых раёнаў самі не ведаюць, чаго хочуць.

“Не ведаю, што там за сітуацыя. Нават не ўяўляю, што гэта за лужына, — адказала намесніца начальніка аддзела Ганна Калужонак. — Але мы пастаянна патрабуем ад падрадчыкаў, каб наводзілі парадак.

З дзіцячымі пляцоўкамі сапраўды складана. Сэнс іх рабіць, калі будаўніцтва мікрараёна ідзе поўным ходам? Дзіцячыя пляцоўкі, натуральна, прадугледжаныя. На некалькі дамоў — адна пляцоўка. Людзі самі не ведаюць, чаго больш хочуць! Адны патрабуюць пляцоўку, другія стаянку, маўляў, у кватэры дзве-тры машыны. Усё будзе, але крыху пазней”.

Чыноўніца не адказала, калі дакладна праблема з лужынай у полацкім двары будзе вырашаная. Але паабяцала звязацца з будаўнікамі, якія працавалі на аб’екце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі